Пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў яны штодзень упарта і карпатліва шукаюць і даюць адказы на тое, што цікавіць, праводзяць розныя даследаванні, ставяць вопыты, робяць першыя вынаходніцтвы і нават адкрыцці. Апошняе таму пацвярджэнне - абласная навукова-практычная канферэнцыя вучняў “З навукай у будучыню”, якая прайшла ў г.Іванава. Гонар Маларытчыны на ёй абаранялі 3 работы. Алена Галоўчык (8 клас, Хаціслаўская СШ, навуковы кіраўнік Любоў Саўчук) на суд журы прадставіла даследаванне “Векавыя дрэвы Хаціслаўскага сельсавета”; Дзмітрый Кірычук (11 клас, раённая гімназія, навуковы кіраўнік Алёна Ляўковіч) падрабязна расказаў, як ён ствараў камп’ютарную гульню “Падарожжа гімназіста” з дапамогай CONSTRUCT 2; Юлія Русавук (10 “В” клас, раённая гімназія, навуковы кіраўнік Ала Грыцэнка) некалькі месяцаў працавала над тэмаю “Сінтаксічная роля дзеепрыслоўных зваротаў” (на матэрыяле твораў Мікалая Карамзіна і Аляксандра Пушкіна). Юныя навукоўцы Маларытчыны ўпэўнена дэманстравалі свае веды і напрацоўкі кампетэнтнаму журы, адказвалі на іх пытанні. Школьнікі выступалі з вуснымі паведамленнямі па выбраных тэмах. На працягу 10 хвілін кожнаму з іх неабходна было лаканічна выкласці сутнасць праведзеных даследаванняў. Пры ацэньванні работ таксама звярталася ўвага на ступень самастойнасці прадстаўленай работы, яе грамадска карыснае і практычнае значэнне, творчы характар, абгрунтаванасць, дакладнасць, лаканічнасць і лагічнасць выкладання матэрыялу…
Па выніках работы вучнёўскай абласной навукова-практычнай канферэнцыя Юлія Русавук узнагароджана дыпломам І ступені, Алена Галоўчык і Дзмітрый Кірычук – дыпломамі ІІІ ступені.
Хутка Юлія Русавук будзе прадстаўляць раён на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі), які пройдзе ў Мінску.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку:Дзмітрый Кірычук і Юлія Русавук, юныя навукоўцы з раённай гімназіі, са сваімі настаўнікамі Алёнай Ляўковіч і Алай Грыцэнка.
Фота аўтара.