Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Выпускники

“Я магу!”

  На тэлеканале “Беларусь 1”, пачынаючы з 31 студзеня 2014г., выходзіць у вячэрнім эфіры кожную суботу народнае шоу “Я магу!” Сярод яго ўдзельнікаў і Святлана Саўчук з в.Мельнікі.

   Святлана Сяргееўна закончыла раённы ліцэй г.Маларыта. Затым паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава на мастацка-графічны факультэт. Набыўшы спецыяльнасць “Дызайн інтэр’ераў”, цяпер працуе ў ТАА “Усе малюем” (г.Мінск).

   Здольнасці да малявання ў дачкі заўважылі бацькі яшчэ ва ўзросце 5 гадоў. Алена Сцяпанаўна, маці, для Святланы пастаянна малявана контуры розных дрэў, лістоў, звяроў… Дзяўчынка ж старанна іх размалёўвала.

-Памятаю, як я ўсюды за мамай хадзіла з алоўкамі і лістамі паперы, - успамінае Святлана Саўчук. – Усе дзеці ў хованкі гуляюць, у лялькі, а я малюю. За гэтым заняткам адчувала і адчуваю задавальненне.

-А хто дапамагаў адшліфоўваць майстэрства?

-Па вялікаму рахунку я – самавучка (смяецца). Аднак вялікі дзякуй хочацца сказаць Святлане Сцяпанаўне Тарасюк. Менавіта яна на занятках гуртка па маляванні, якія я наведвала ў 5-10 класах у Мельніцкай БШ, адкрывала таямніцы гэтага чароўнага, таямнічага і нязведанага свету. Многаму навучылася ў яе. Дапамаглі мне і выкладчыкі Маларыцкай школы мастацтваў, дзе прайшла паскораны курс навучання.

-Святлана Сяргееўна, а як вы трапілі на тэлевізійны праект?

-У маіх планах пункт удзелу ў народным шоу “Я магу!” адсутнічаў. Неяк выпадкова пачула аб тэлевізійным праекце, але асаблівага значэння гэтаму не надала. У чарговы раз, калі прыехала ў родныя Мельнікі, мама нечакана спытала, ці не буду я спрабаваць свае сілы ў творчым конкурсе. Мама падштурхнула, я загарэлася яе ідэяй і згадзілася.

-А чаму сталі выступаць за Мінск?

-Прычына простая: я позна вырашыла паспрабаваць свае сілы.  Кастынг у Брэсце праходзіў 3-4 кастрычніка, у іншых гарадах ён таксама ўжо завяршыўся. Заставаўся толькі Мінск і апошнія кастынгі, якія пройдуць 27-29 кастрычніка. Часу для падрыхтоўкі было зусім мала. Аднак я рызыкнула. Запоўніла анкету і атрымала парадкавы нумар 588. Так я і апынулася на сцэне Маладзёжнага  тэатра эстрады.

-Святлана Сяргееўна, з чым вы прыйшлі на кастынг?

-На халсце жоўтага колеру, які кружыцца, я пальцамі чырвонай і цёмна-сіняй фарбай малявала партрэт Тэа – Юрыя Вашчука, вядомага беларускага спевака, якія прадстаўляў Беларусь на конкурсе песні “Еўрабачанне-2014”. “Хуткасны” партрэт у мяне атрымаўся за 4 хвіліны і некалькі секунд. Журы “прапусціла” мяне ў паўфінал.

    Між іншым, на кастынгі па ўсёй краіне прыйшло больш за 700 чалавек, але толькі 120 самых яркіх нумароў убачаць гледачы тэлеканала “Беларусь 1”. Святлана стала рыхтавацца да чарговага выступлення. Яна трапіла ў шосты паўфінал з 12 (у кожным з іх 10 нумароў).

-Напрыканцы мінулага года мне патэлефанавалі і паведамілі, што тэлевізійныя здымкі чарговай праграмы, куды запрашаюся і я, адбудуцца 20 студзеня, - гаворыць Святлана Саўчук. – Я вельмі хвалявалася, бо з кожнага паўфіналу журы для выступлення ў фінале выбірае аднаго чалавека, яшчэ аднаго вызначаюь гледачы шляхам галасавання.

   Святлана Сяргееўна для паўфіналу ўскладніла свой нумар. Яна вырашыла намаляваць пальцамі партрэт Святланы Бароўскай, тэлевядучай, адразу ажно на 4 халстах. Яны на сцэне стаялі ў адзін рад, два з іх кружыліся, а два – былі нерухомымі. Пасля завяршэння работы з халстоў, як з пазлаў, быў сабраны партрэт. Журы Святлану Саўчук за гэты нумар “выбрала” ў фінал. На тэлеканале “Беларусь 1” гэтае выступленне можна будзе ўбачыць 7 сакавіка.

-Мне вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы да выступлення ў паўфінале аказалі  бацькі (Алена Сцяпанаўна і Сяргей Сямёнавіч), а таксама браты – Вадзім і Аляксей. Таксама вялікі дзякуй і сябрам з Мінска і Віцебска.

Цяпер Святлана Сяргееўна рыхтуе нумар для фіналу. З 24 чалавек пераможцам стане адзін. Самы-самы таленавіты 25 красавіка, якога выберуць гледачы, атрымае аўтамабіль Geely EX7 і грашовы прыз.

-Я разумею, што нумар павінен быць відовішным, арыгінальным, запамінальным, яркім, - кажа Святлана Саўчук. – “Каркас” яго ў галаве выспеў, некаторыя элементы ўжо прадуманы. Нумар, думаю, будзе яшчэ больш складаным, чым у паўфінале. Падрабязна гаварыць, раскрываць дэталі выступлення пакуль рана. Тое, што атрымаецца, гледачы змогуць убачыць вясной на тэлеканале “Беларусь 1”.

  Пажадаем Святлане Сяргееўне поспеху.

                                                        Мікалай НАВУМЧЫК.

                      

На здымках: Святлана Саўчук з в.Мельнікі, фіналіст народнага шоу “Я магу!”; падчас паўфінальнага выступлення.

Фота аўтара і з архіва Святланы Саўчук.

Разделы сайта