Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Гісторыя стварэння

З гісторыі стварэння краязнаўчага музея “Спадчына”

    Краязнаўчы музей “Спадчына” дзяржаўнай установа адукацыі “Маларыцкая раённая гімназія” ствараўся на працягу 1997-1998 гадоў. Ініцыятарам гэтай справы стаў настаўнік Навумчык М.І. Кіраўніком музея з моманту яго адкрыцця з’яўляецца Навумчык М.І., настаўнік беларускай мовы і літаратуры.        

   Усё пачалося ў пачатку 1997/1998 навучальнага года, калі ў школе быў створаны этнаграфічны гурток “Спадчына”. Галоўнай задачай гуртка была прапаганда народных традыцый, звычаяў, знаёмства з абрадамі беларусаў, з гісторыяй роднага краю. Удзельнікі гуртка рыхтавалі народныя святы і паказвалі іх вучням школы. Так былі пастаўлены “Вячоркі ў Паўлінкі”, “Запрашаем ў гасцёўню”, дзе гучалі беларускія народныя песні і выконваліся народныя танцы. Касцюмы і дэкарацыі да такіх прадстаўленняў рыхтавалі самі вучні: шылі спадніцы, фартухі, якія аздаблялі карункамі, стужкамі з беларускім нацыянальным арнаментам, шукалі ў блізкіх і родных гліняны посуд, посцілкі, ручнікі. Гэтая работа захапляла ўдзельнікаў гуртка, і вучням было прапанавана спытаць у суседзяў, у бабуль і дзядуль, якія жывуць у вёсцы, пра старыя рэчы і папрасіць іх для школьнага этнаграфічнага гуртка. І гурткоўцы пачалі прыносіць у школу старыя рэчы, будучыя экспанаты музея: гладышы, прасы, драўляныя лыжкі, драўляныя ночвы розных памераў. Першым экспанатам будучага музея была драўляная ступа з таўкачом, якая з’явілася ў верасні 1996 года. Гэтыя экспанаты размяшчаліся ў класным пакоі кабінета беларускай мовы і літаратуры № 26 (другі паверх).

   Акрамя знаёмства з традыцыямі, звычаямі і абрадамі беларусаў, удзельнікі гуртка “Спадчына” пачалі ладзіць паходы-экспедыцыі, якія былі выкліканы неабходнасцю набыцця новых матэрылаў для выступленняў. Першая такая экспедыцыя была арганізавана ў вёскі Збураж і Замшаны ў снежні 1996 года.

   Вынікам гэтай экспедыцыі сталі новыя экспанаты: церніца, калесня, калаўроты, прасніцы, лапці-кавярзні, лапці-пахлакі, цэп малацьбітны, карац, берасцяны кораб, фрагменты ткацкага станка, маслабойка, жорны. Прывезеныя экспанаты вельмі зацікавілі вучняў, якія ў час наведвання кабінета беларускай мовы і літаратуры з цікавасцю знаёміліся з прадметамі народнага ўжытку. Амаль што на кожных занятках гуртка гучала прапанова знайсці і прынесці ў школу новыя рэчы з мінулага нашага краю. Так у этнаграфічным кутку з’явіліся: шуфель для правейвання зерня, ільночасалкі, верацёны, вырабы з ільну: ручнікі, абрусы, посцілкі, вышываныя рэчы і іншыя.

    Экспанатаў станавілася ўсё больш і больш, і адміністрацыя СШ №3 выдзеліла ў верасні 1997 года для этнаграфічнага кутка кабінет № 51 (трэці паверх) плошчай 55,8 м2. Адну сцяну памяшкання аформілі пад інтэр’ер вясковай хаты, зрабілі макет печы, паліцы, лаўкі.... 

    Пазней у музеі з’явілася некалькі касцюмаў Маларыцкага строю адзення. З іх і быў аформлены раздзел “Маларыцкі строй адзення”, у якім цяпер прадстаўлена 11 традыцыйных жаночых касцюмаў Маларыцкага строю, а таксама 2 наміткі (платы).

   Адкрыццю музея папярэднічала падрыхтоўчая праца пад кіраўніцтвам былога дырэктара ўстановы адукацыі Шышука Івана Барысавіча. Былі праведзены паходы, экспедыцыі па Маларытчыне. Экспанаты сабраны вучнямі, бацькамі і настаўнікамі СШ №3 і раённай гімназіі. Музейныя экспанаты знаёмяць з побытам, культурай беларусаў. У развіццё музея свой уклад унеслі настаўнікі Сацюк І.І., Ляўчук Л.В., Хальпукова С.Р., Засухін Э.А., Жыжа Н.І., Аксянюк І.П., Лук’янчук Л.К., Пігулеўская Г.А., Антонава В.С.

Разделы сайта