Быў час ў маім Краі
сягоння туманны,
аднесены хваляй,
час прадзены, тканы.
Працоўныя рукі
каханай матулі
усіх накармілі,
усіх апранулі.
Ад лёну зярняці
да белых палотнаў
паслала, спрала,
паткала ахвотна.
Не проста, не роўна,
а ўсё пераборам,
пад колер краіны
цудоўным узорам.
О сэрца матулі,
жывая крыніца,
дазволь мне сягоння
ля куфра спыніцца.
Над працай тваёй
у паклоне сагнуцца,
ўспамінам мазольнай
рукі дакрануцца.
За тое, што нас ты
вякі апранала,
за тое, што лёгка
табе не бывала.
Вершам Ларысы Геніюш мы вяртаем вас у даўнія часы, калі жанчына сваімі рукамі апранала, абшывала ўсю сям’ю. Тыя часы няўмольна адыходзяць у нябыт, страчваюцца ў калаўроце сённяшніх будняў. Гэтая выстава дае магчымасць хоць крыху ўявіць страдаўнія жаночыя строі і яго састаўныя часткі.
Старадаўні жаночы строй абавязкова складаўся з чатырох асноўных прадметаў: сарочка, спадніца, хустка і фартушок. Да сённяшняга дня дайшлі і хустка, і спадніца, і сарочка, а вось фартушок у тым назначэнні, у якім ён існаваў многія стагоддзі, фактычна выйшаў з ужытку. Таму наша выстава мае на мэце рэаніміраваць веды, уяўленні пра фартушок, яго назначэнне, яго аздабленне.
Фартушок як частка жаночага строю меў траякае назначэнне: 1) выкарыстоўваўся ў якасці абярэга; 2) для аздаблення жаночага строю; 3) выконваў звычайную ўталітарную функцыю – аберагаў пярэднюю частку жаночай апраткі ад бруду.
Функцыю абярэга найперш выконваў арнаментаваны ўзор фартушка. І аберагаў самую важную частку жаночага цела – жывот. У ім нараджалася жыццё. А жыццё трэба аберагаць ад злых сілаў, ад нядобрага вока. Гэтыя задачы ўскладваліся на фартушок. Фартушок абавязкова ўпрыгожвалі арнаментам, пераважна яркага чырвонага колеру па ніжняй лініі фартушка.
Менавіта гэтыя ўзоры звярталі на сябе ўвагу, і першы пагляд сустрэчнага прыпадаў на гэтую частку строю і такім чынам , як грамаадвод, адводзіў злыя сілы ў зямлю, нейтралізаваў іх.
Наступная функцыя фартушка – эстэтычная. Ён прыкрываў распорку спадніцы. Бо раней спадніцу насілі распоркай наперад, а не так як цяпер – збоку. І, канечне, фартушок гожа аздабляў строй жанчыны. Асаблівай прыгажосцю выдзяляліся святочныя фартушкі. Яны адрозніваліся найперш якасцю тканіны, з якой іх шылі. Тканіна святочнага фартушка вельмі добра адбельвалася, таму і звяртаюць на сябе ўвагу такой белізной. А белы колер – гэта сімвал чысціні. І па сёння кожны з нас , асабліва ў свята, прыбіраецца ва ўсё чыстае і светлае. Святочны фартушок шылі з тканіны вышэйшага гатунку, якую ткалі з кужэльных нітак, што вызначаліся асаблівай тонкасцю. Таму яны і такія ажурныя, далікатныя, аж свецяцца. І, па-трэцяе, усе святочныя фартушкі адметныя сваім аздабленнем. Гэта арнамент. На святочных фартушках пераважае кветкавы арнамент. Узоры размяшчалі не толькі па нізе, а па ўсім палотнішчы фартушка. Каляровая гама нітак таксама была значна багацейшая, чым на фартушках штодзённых. Арнамент стваралі пераважна пры дапамозе вышыўкі. Вышывалі ўзоры крыжыкам, гладдзю, насмыканнем. Яшчэ адна адметнасць святочных фартушкоў – карункі. Карункі ў трыццатыя гады 20-га стагоддзя пераважна куплялі. Радзей самастойна вязалі кручком. Прыгожа выглядалі фартушкі, што перамяжоўваліся карункамі і ўстаўкамі са звычайнай крамнай тканіны белага колеру.
Звяртаюць на сябе ўвагу нават завязкі фартушка. Яны выкройваліся асобна, абавязкова расшыраныя канцы і часта ўпрыгожаныя вышыўкай, узор яе абавязкова пераклікаўся з арнаментам самога фартушка. Штодзённы фартух не меў такой завязкі. Завязкай такога фартушка была вяровачка, пашытая з тканіны. Гэтая дэталь гаворыць пра практычны розум нашых продкаў. Штодзённы фартух ад частага кранання рукамі мог выбрудніцца, а тады завязка ззаду магла выглядаць неахайна і неэстэтычна. Будзённы фартух меў на мэце атуліць хоць крыху апратку жанчыны ад бруду. Таму і выгляд яго іншы. Яны пашыты з тканіны больш грубай, тоўстай. Арнаментаваны маклюнак не такі яркі, кідкі. Арнамент штодзённага фартуха стваралі пераважна шляхам ператыкання тканіны чырвонымі ніткамі. Сустракаецца і вышываны арнамент. Пераважае вышыўка крыжыкам. Геаметрычны арнамент стваралі вывшыўкай насмыканнем, на сённяшні дзень пераважна забыты спосаб вышыўкі.
У нашай калекцыі пераважаюць менавіта святочныя фартушкі. Іх насілі рэдка. Таму і выглядаюць яны хораша і па сённяшні дзень. Іх не заношвалі, а беражліва захоўвалі ў куфрах.
Ёсць яшчэ адзін від фартушкоў – рытуальныя. Іх рыхтавалі на смерць. Яны адметныя тым, што пашыты з тонкай льняной тканіны вышэйшага гатунку, а ўзоры арнаментаваныя далёка не святочныя. Нават узорам штодзённых фартухоў саступаюць. Гэта пераважна тоненькая чырвоная палоска, ператканая ці вышытая спосабам насмыкання або крыжыкам. Пераважае арнамент геаметрычнага характару. Як і святочныя, абавязкова ўпрыгожаныя карункамі.
Фартушок насілі пераважна жанчыны. Дзяўчаты апраналі фартушкі пры дасягненні паўналецця. Але ў нашай калекцыі ёсць і дзіцячыя фартушкі. Абыдва святочныя.
Варта сказаць і пра фасоны фартушкоў. Іх шылі ў 1, 2 і 3 полкі. Полкі – гэта кускі тканіны, якія сшывалі ў адно палотнішча. Фартушкі ў адну полку самыя маладыя. Шылі іх пераважна з крамнага палатна. Саматканае палотно для фартушкоў не рыхтавалі. Часта гэта быў яшчэ і матэрыял для пашыву ручнікоў, намітак. Самы пашыраны фасон -- у дзве полкі. Гэта два вузкія палотнішчы, сшытыя наперадзе швом. Іншым разам шво выконвала яшчэ і дэкаратыўную функцыю. Па даўжыні будучага шва кручком абвязвалі краі, а потым гэтыя абвязаныя палавінкі кручком злучалі ў адно палотнішча. І цяпер гэтае шво выглядала дэкаратыўнай вертыкальнай палоскай. Фартух у тры полкі сустракаўся радзей. Адметнасць яго ў тым, што адсутнічае шво на самым відным месцы папераду. Гэты фасон прадугледжваў, што адну палавінку тканіны раздзялялі на дзве часткі і прышывалі іх па баках цэлай палавіны палотнішча.
Іншым разам жанчыны ўпрыгожвалі фартух зашыўкамі рознай шырыні па шырыні фартуха. Гэтыя зашыўкі па нізе фартуха стваралі дадатковы ўзор да арнаменту і выконвалі дэкаратыўную функцыю.
Трэба сказаць і пра гафрыроўку фартушкоў. Яе рабілі ручным спосабам шляхам складвання палотнішча тканіны ў "гармошку". Гэтак рабілі не столькі для прыгажосці, сколькі для зручнасці захавання фартухоў у куфрах.
Нашая экскурсія дала магчымасць пабачыць, якія дзівы рукатворныя маглі ствараць нашыя продкі для выкарыстання ў штодзённым побыце і ў святы, як яны і сёння хвалююць нашыя сэрцы і душы сваёй прыгажосцю. Нездарма Л. Геніюш стварыла своеасаблівы гімн фартушку:
Хвартушок — гэта белае дзіва,
найтанчэйшы, з кудзелі лянок,
гэта гонар ўдалой маладзіцы,
кветкі — ўзорным вяночкам ля ног.
Можна ім закрыць вочы ад шчасця,
калі шчокі калінай ірдзяць,
схаваць слёзы, калі не удасца
тое шчасце навекі ўтрымаць.
Хвартушок — чарадзейнае хусце —
гэта стан твой задорна абвіць.
Ў бель чаромухі голаў чыюсьці
ў забыцці на хвартух палажыць.
Хвартухоў у бабкі — розна вышываных,
белых, ясных, сініх, дарагіх і танных,
гэтыя — на будзень, тыя — пад кудзелю,
гэтыя — ў гасціну, тыя — на нядзелю,
гэты — йсці у цэркву, той — на дзень кірмашны,
на канве рабінай вышыты, інакшы.
А вось гэты, ў кветкі, з тоненькае пражы —
то на смерць бабуся адлажыла важна.
Гэткая кашуля і каптан навюткі,
андарак сліўковы, хуста і абутак —
ўсё гэта заўчасу зложанае ў скрыні
і чакае толькі той сумной гадзіны,
каб у раз апошні, гожа, па-сялянску,
апрануць бабусю без чужое ласкі.
Добры дзень, шаноўныя сябры! Вас вітае экскурсавод музея Маларыцкай раённай гімназіі __________. Запрашаем пазнаёміцца з раздзелам “Ручнік” нашага музея. Менавіта тут мы знаёмім сваіх наведвальнікаў з этапамі апрацоўкі лёну, працэсам вырабу нітак, паказваем асноўныя вырабы з льняной тканіны.
Многія вырабы да нас трапілі з багатых бабуліных куфраў. Чаго там толькі няма ў гэтых куфрах: і ручнікі, і фартухі, і сарочкі, і спадніцы, і паясы, і ўпрыгожванні ўсякія. Да вас у гэтым дзедавым чамадане мы прывезлі толькі 7 экспанатаў. Усе яны адпавядаюць аднаму назначэнню. Вы паспрабуйце адгадаць, якія. Скажу толькі, што вырабы гэтыя з чалавекам надта даўно, наколькі даўно, звестак не захавалася. Для падказкі прашу звярнуць увагу на партрэт Ф.Скарыны, зроблены ў 16 ст. Выява гэтага вырабу ёсць на малюнку.
Не здагадаліся? (Калі гучыць адказ, пачынаецца экскурся. Калі не, яшчэ дыялог.) Тады яшчэ адна падказка. Лінгвістычная. Слова, што абазначае наш выраб, мае корань “рух” – рушыць, рваць. Не здагадаліся? Тады дабаўлю. Некаторыя вучоныя-моваведы сцвярджюць, што назва прадмета з’яўляецца аднакаранёвым словам да слова рука. Здагадаліся, якія прадметы ў чамадане? Так, сёння наша экскурсія прысвечана ручніку.
Падчас экскурсіі вы пазнаёміцеся з рознымі відамі ручнікоў, іх прызначэннем і выкарыстаннем у побытавай культуры і абраднасці нашых землякоў.
Ручнік – верны спадарожнік чалавека на працягу многіх стагоддзяў. Суправаджаў ён беларуса ад нараджэння і да магілы.На ручнік бабка-павітуха прымала немаўля, з ручніком ішлі ў сваты, на ручніку стаялі маладыя ў храме.
На ручніках выносілі з хаты, неслі да могілак і апускалі ў магілу труну з нябожчыкам.
Акрамя таго, ручнік суправаджаў чалавека ў паўсядзённых дзеяннях з самай раніцы і да позняга вечара. Перш чым зірнуць на сонца, чалавек «змываў» сон і лашчыў твар ручніком. Перш, чым сесці за стол, трэба было падзякаваць Богу за падараванае жыццё і долю. Позірк накіроўваўся на покуць, а там, пад столлю, знаходзіўся абраз Збаўцы і... бялюткі і надззвычай прыгожа арнаментаваны ручнік. Ён меў адметную назву – набожнік і надзяляўся самым высокім статусам. Вось адзін з іх. Як вы лічыце, чаму ён мае такую назву. А па якіх адметнасцях угадваецца яго прызначэнне?
Так, ім упрыгожвалі абразы Чырвонага кута. Таму і арнаментаваны не толькі па краях, а яшчэ і пасярэдзіне. З гадамі страціліся ярка выражаныя адметнасці арнаменту такіх ручнікоў. Цяпер ён выконвае не столькі функцыю абярэга, колькі дэкаратыўную, таму набожнікм можа быць любы самы яркі ручнік
Жанчыны, якія ткалі ручнікі, напаўнялі глыбінным зместам гэтую “белую дарогу жыцця”. Можна гаварыць пра тое, што ўзоры вышываных ручнікоў – гэта зашыфраваны аповед асобных момантаў жыцця народа.
Вось паглядзіце. Арнамент ручніка змяшчае выявы галубоў. Голуб – сімвал кахання. Голуб ідзе за галубкай – першае знаёмства хлопца з дзяўчынай, каханне толькі пачынаецца. Дзве птушачкі, павернутыя галоўкамі адна да адной – каханне ў самым росквіце. Калі ж вышытыя птушачкі павернутыя ў розныя бакі – каханне без узаемнасці. Дык ці пра шчаслівае каханне расказвае гэты ручнік? А вінаградная лаза сімвалізуе пладавітасць, багацце. Гэта Божы знак. Не аднойчы вінаградную лазу мы бачым на прадметах царкоўнага ўжытку.
У нашай музейнай калекцыі ручнікоў шмат, болей 30. І самую вялікую колькасць складаюць вясельныя ручнікі.
А як вы думаеце, колькі дзяўчына павінна была выткаць ручнікоў перад замужжам? А давайце палічым, на якіх этапах сённяшняга вяселля трэба ручнік.Для каравая. Пад ногі маладым. Падчас вянчання на абразы. Для перавязвання сватоў.
І гэта пры такім усечаным сённяшнім вясельным абрадзе. А раней (старыя людзі кажуць) для вяселля трэба было мець каля 40 ручнікоў. Прычым, са сваімі “залатымі” правіламі да аздаблення і шанавання такіх ручнікоў. Напрыклад, нельга вышываць вясельныя ручнікі ўначы - тым часам сутак вышываюць толькі магічныя рэчы.
Ручнік - гэта дарога жыцця, таму палатно яго павінна быць цэлым і бесперапынным, як жыццё (не ўстаўляйце ў сярэдзіну ручніка ніякіх карунак ці мярэжак - гэтым вы нашкодзіце, разрэзанае жыццё ўжо не сшыеш, як бы ні імкнуўся).
Усе памеры ручніка (шырыня, даўжыня) павінны падзяляцца на сем.
Вясельныя ручнікі, асабліва пад ногі, выкарыстоўваюць адзін раз! У выпадку вельмі шчаслівага сямейнага жыцця ў спадчыну перадаюць толькі ўзор, а ручнік вышываецца новы.
Самы запатрабаваны штодзённы ручнік-уцірач.
А ён для чаго быў прызначаны? У паўсядзённым жыцці ім выціралі рукі і твар. Гэтыя ручнікі звычайна большыя па даўжыні, чым вясельныя. Вось адзін з іх. А чаму яго гаспадыня пашыла такім доўгім? Раней сем’і былі вялікія. Гэта сёння ў кожнага з сямейнікаў свой ручнік для ўцірання. А даўней адзін на ўсіх. І калі 7-10 чалавек наранку вытруць рукі і твар, дык увесь і мокры, калі кароткі. Ручнік-уцірач лічыўся самым простым па вырабе. Як правіла, ён не меў яркага арнаментальнага ўпрыгожання. А калі і меў, дык сціпла затканы ці вышыты тонкай паласой узор чырвонага колеру.
Яшчэ ў 40-50 г.г. існавала правіла, каб кожная жанчына ў сваім куфры мела яшчэ адзін незвычайны ручнік. Незвычайны па даўжыні і арнаментаванні. І прызначэнне ў яго адметнае – выкарыстоўвалі ў якасці галаўнога ўбору . І назва ў яго была незвычайная. Мо падкажаце? Гэта намітка.
Напрыканцы 19 – пачатку 20 ст. стагоддзя яе насілі жанчыны нашай мясцовасці. У кожнай рэгіёне наміткі павязвалі па-рознаму. Як насілі менавіта ў нас, нам не ўдалося адшукаць звестак, бо няма ў жывых носьбітаў падобай інфармацыі.
У нашым музеі захоўваецца 2 наміткі.
Хоць як галаўны ўбор намітка не выкарыстоўваецца ўжо даўно, але знаходзіла сваё шырокае прымянене на працягу ўсяго ХХ ст.. Толькі, праўда, у пахавальным абрадзе. Яе пасцілалі ў труну нябожчыка. Цяпер пасцілаюць звычайны ручнік. Выключным статусам сярод народных знахароў карыстаецца ручнік, на якім апускалі ў магілу труну з памерлым. У народзе лічаць, што з іх дапамогай лечацца найцяжэйшыя псіхічныя захворванні дзяцей і дарослых (асабліва эпілепсія).
Яшчэ на адным этапе пахавальнага абраду выкарыстоўвалі і цяпер выкарыстоўваюць ручнік. Калі вязуць набожчыка ля раскрэснага ці прыдарожнага крыжа, дык пахавальная працэсія спыняецца і на крыж ахвяруюць ручнік, калі гэты нябожчык – мужчына, а калі жанчына, дык фартушок. Цікава тое, што яшчэ і сёння жыве традыцыя "адзяваць" крыжы перад вялікаднем. І падчас такога абраду на крыж таксама павязваюць ручнік. Думаю, што кожному з вас гэта даводзілася бачыць у сваёй мясцовасці.
У нашай калекцыі ёсць яшчэ адзін незвычайны ручнік. Ён самы вузкі і ўпрыгожаны не вышыўкай, а махрамі, доўгімі кутасамі. Часта ніткі кутасоў на канцах завязваліся вузельчыкамі. Дзіўная яго назва – трапкач. А для чаго яго выкарыстоўвалі?
Так, ім трапалі, білі… дзяцей. Такі дзейсны сродак народнага выхавання. Гэты ручнік заўсёды вісеў у прыпеку пад рукамі гаспадыні. Ім яна на скорую руку ўціхамірвала непаслухмяных дзяцей. Хто жадае паспрабаваць народнай педагогікі?
А яшчэ гэты ручнік выкарыстоўвалі ў якасці лямак для насілак ці для пераносу гаршкоў у поле для абеду.
Як вы, думаю, паспелі заўважыць, незалежна ад мэтаў выкарыстання ручнік абавязкова ўпрыгожвалі арнаментам, аздаблялі канцы карункамі ці махрамі. Дарэчы, арнамент ў перакладзе з лацінскай мовы абазначае "ўпрыгожванне". А. Фадзеева ў кнізе “Беларуская вышыўка” выдзяляе наступныя віды арнаменту: раслінны, геаметрычны, кветкавы,арніталагічны. Усе гэтыя віды ёсць на ручніках нашага рэгіёну. Ды толькі ў адпаведнасці з павевамі часу далёка не ўсе віды арнаменту аднолькава часта сустракаюцца. Самы старажытны – геаметрычны - ужо ў вышыўцы нашых землякоў у сярэдзіне мінулага стагоддзя амаль не сустракаецца. Пераважаекветкавыарнамент. Нярэдка арнаментны ўзор ствараўнадпіс. Такім чынам нашчадкам перадаваласяслоўнаяінфармацыя. Асабліва пашырана гэта з’ява была ў 50-я гг.
Жыццё ручніка прадаўжаецца і сёння. Яны выкарыстоўваюцца ў вясельным абрадзе, упрыгожваюць нашы хаты. Ручнікі вырабляюць у якасці сувеніраў. Іх купляюць ахвотна і нашы людзі, і турысты. Яму прысвячаюцца вершы, аб ім напісаны песні, палотны. Значыць, ручнік жывы, жыве і павінен жыць. Я упэўнена — ручнік будзе жыць, пакуль побач з чалавекам будзе жыць пачуццё прыгожага, імкненне да натуральнага, сапраўднага, бо спрадвечнае застанецца вечным. І напрыканцы нашай гутаркі паслухайце адну з самых слынных песень пра ручнік, якая ўвайшла ў рэпертуар вядомых вам спявакоў. ( Гучыць песня "Ручнікі" на словы В. Вярбы)