Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

19.03.2015

Новае жыллё – птушкам!

Акцыя “Сустрэнем вясну разам”, якую сумесна праводзяць Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Маларыцкая раённая гімназіі, стала ўжо традыцыйнай. У мінулым годзе, напрыклад, вучнямі ўстановы адукацыі было зроблена 50 домікаў для вушатай савы.

-Акрамя таго, новае камфортнае жыллё пашанцавала атрымаць 5 парам сініц, 7 – шпакоў, - гаворыць Ала Чуль, настаўніца біялогіі, адна з ініцыятараў правядзення акцыі. – У гэтым годзе прыйшла чарга дапамагчы абзавесціся ўласнымі домікамі для шэрай кугакаўкі (неясыти).  Яна дасягае велічыні да 38 см і важыць прыкладна  ад 400 да 640 грам. У  шэрай кугакаўкі цёмныя вочы і круглая галава, якой яна можа круціць на 270°. Вушныя пучкі адсутнічаюць. Апярэнне афарбавана ў маскіровачны шэры колер або колер кары дрэў, а крылы ў параўнанні з іншымі відамі соў кароткія, шырокія і акругленыя.

Нядаўна ў раённай гімназіі быў аб’яўлены конкурс “Пабудуй хатку для савы”. У яго актыўна ўключыліся не толькі вучні, але і іх бацькі. Ужо выраблена 14 штучных гнездавых скрынь для гэтага начнога драпежніка. Жыллё для соў вучні вырабляюць дома, а таксама на ўроках тэхнічнай працы пад кіраўніцтвам настаўніка Леаніда Лук’янчука. Яно павінна быць трывалым, бяспечным, даўгавечным, разборным… Найбольш дакладна гэтым патрабаванням адпавядаюць домікі, зробленыя Міхаілам Струнцам (9 “Б клас), Кірылам Андаракам (6 “Б” клас), Дар’яй Пугач, Віялетай Сіжук, Хрысцінай Пачынчук (8 “В” клас), Віктарам Сезікам (10 “В” клас), Паўлам Аўдзяюком, Вадзімам Шышуком (10 “А” клас). Не забылі гімназісты і пра шпакоў. У 2 з іх, якія зроблены Мікітам Піпко (7 “В” клас) і Марыяй Саўчук (8 “Б” клас), ужо жывуць сямейныя птушыныя пары.

-Неабходнасць для будаўніцтва штучных гняздоўяў ўзнікае таму, - тлумачыць Ала Сяргееўна, - што совы самі сабе жытло не будуюць. Яны часам займаюць старыя гнёзды сарок, варон і нават вавёрак.Гняздо шэрая кугакаўка можа рабіць у вялікім дупле.  На вялікі жаль, у Маларыце дрэў з дупламі практычна не засталося.

…Усе штучныя гняздоўі, зробленыя рукамі вучяў раённай гімназіі, будуць вывешаны на тэрыторыі, якая прылягае да ўстановы адукацыі.

                                                            Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: вучні раённай гімназіі са зробленымі штучнымі домікамі дляшэрай кугакаўкі.

Фота аўтара.

 

Разделы сайта