Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

18.05.2017

“Алмаз” Алены Сезік

На тэрыторыі сялянска-фермерскай гаспадаркі “Баглан” (Маларыцкі раён) прайшло першынство ГА “Клуб дапрызыўнай падрыхтоўкі” па трыятлону спецыяльнага назначэння, якое было прымеркавана да 72-гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Дню Дзяржаўнага герба і сцяга Рэспублікі Беларусь.

Ініцыятарам і адным з арганізатараў мерапрыемства стаў Максім Фадзееў, маларытчанін, былы дэсантнік, а цяпер старшыня грамадскага аб’яднання “Клуб дапрызыўнай падрыхтоўкі”. Яго пачынанне падтрымалі РК ГА “БРСМ”, аддзел адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, аддзел па надзвычайных сітуацыях, аддзел унутраных спраў Маларыцкага райвыканкама, атрад міліцыі асобага прызначэння Брэсцкага аблвыканкама, аддзел пагранічнай службы “Маларыта”, Маларыцкі раённы савет ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”.

Улічваючы сітуацыю, якая склалася, арганізатары мерапрыемства змянілі яе праграму. Мацнейшая каманда вызначалася па 2 відах спаборніцтваў: трохкіламетровым бегу па перасечанай мясцовасці (пасля кожнага кіламетра – усе члены каманды павінны былі выканаць 30 прысяданняў і 30 аджыманняў) і стральбе з пісталета  класа “Айрсофт”.

Першае выніковае месца заняла каманда “Алмаз” Маларыцкай раённай гімназіі, кіраўнік - Алена Леанідаўна Сезік, настаўніца англійскай мовы. За “Алмаз”  выступалі вучні 11 “А” класа ўстановы адукацыі: Вячаслаў Бязносік, Вадзім Ляўчук, Павел Асіпук, Віталій Смаль і Аляксандр Ярмашук. На другім месцы апынулася каманда “Арлы” Ляхавецкага д/с-СШ, на трэцім – каманда “Альфа” з СШ №2, на чацвёртым – каманда “Спадарожнік” з СШ №1.

Акрамя таго, Павел Сядоў, вучань 4 “Б” класа Маларыцкай раённай гімназіі, атрымаў спецыяльны прыз – цяльняшку – за першае месца ў аджыманні лежачы. Хлопец гэтае сілавое практыкаванне выканаў 101 раз.

Падчас мерапрыемства адбылася выстава вайсковай зброі, а таксама паказальныя выступленні пагранічнікаў АПС “Маларыта”, супрацоўнікаў Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Пасля заканчэння спаборніцтваў усе, хто жадаў, мог пакаштаваць смачную салдацкую кашу.

-Хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім, хто прыняў ўдзел і аказаў дапамогу ў правядзенні мерапрыемства, - гаворыць Максім  Генадзьевіч. - У сучасных умовах адной з найбольш важных, актуальных і надзённых задач з’яўляецца фарміраванне ў маладога пакалення патрыятызму, выхаванне сапраўдных грамадзян сваёй краіны. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя метады, прыёмы, сродкі і формы работы. Перакананы, што фарміраванню патрыятызму спрыяе і наша спаборніцтва.

                                                          Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: А.Л.Сезік і яе каманда “Алмаз” з Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.

 

Разделы сайта