Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

17.04.2014

“Інтэлектуальны” трэнер

Інтэлектуальным рухам на Маларытчыне Леанід Лук’янчук, настаўнік тэхнічнай працы раённай гімназіі, займаецца ўжо не адзін год. 

Інтэлектуальным рухам на Маларытчыне Леанід Лук’янчук, настаўнік тэхнічнай працы раённай гімназіі, займаецца ўжо не адзін год. Каманды юных знаўцаў, якія ён трэніруе, 16 разоў займалі першыя прыступкі і станавіліся прызёрамі конкурсаў рознага ўзроўню, у тым ліку - і міжнародных. Нядаўна скарбонка ўзнагарод папоўнілася яшчэ адной.

На чарговым чэмпіянаце Брэсцкай вобласці па інтэлектуальных гульнях сярод ювеналаў (вучні, не старэйшыя за 9-класнікаў) каманда “Фартуна” Маларыцкай раённай гімназіі другі год запар стала чэмпіёнам гульні “Што? Дзе? Калі?”. Бліскучая перамога заваявана ведамі юных знаўцаў дзявятых класаў у складзе Ангеліны Ярмашук (капітан), Дзмітрыя Максімука, Вадзіма Графа, Дар’і Закрутнай, Дар’і Бягезы і вучня 6 класа Андрэя Бурды. Акрамя таго, у фінал чэмпіяната вобласці трапіла яшчэ дзве каманды, якія трэнеруе Леанід Ксенафонтавіч. Гэта - “Ігракезы” з 25 выніковым месцам у турнінай табліцы.

Своеасаблівай сенсацыяй можна лічыць і такі факт. Каманда “Камета”, якая складаецца з вучняў 5-6 класаў (Іван Буглак (капітан), Антон Надзяжук, Кірыл Галоўчык, Вераніка Кручок, Кацярына Макушэнка, Андрэй Наўрасюк і Аляксандра Піпко), апынулася на 26 месцы сярод вучняў дзявятых класаў вобласці.

Каманда “Фартуна” ў пачатку мая будзе абараняць гонар Брэстчыны ў фінале ІХ чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод ювеналаў “Буслік” у г.Мозыр.

***

У чым выніковасць працы педагога? Напэўна, у тым, што з вучнямі Леанід Лук’янчук усюды і заўжды. Дзецям з ім весела і цікава. Леанід Ксенафонтавіч - чалавек шчыры, адкрыты, камунікабельны і ведае, пра што можна пагаварыць і з першакласнікам, і з выпускніком.

У педагагічным жыцці Леанід Лук’янчук прытрымліваецца слоў Макарэнкі, які калісьці сказаў, што вучні могуць дараваць сваім настаўнікам усё: і строгасць, і сухасць, і нават прыдзірлівасць, але не даруюць дрэннага ведання прадмета.  А каб такога не ўзнікла, трэба ўсведамляць сваю грамадскую значнасць, пастаянна рабіць аб’ектыўны самааналіз і сістэматычна працаваць над самаўдасканаленнем. А гэтаму няма межаў. Галоўным Леанід Лук’янчук лічыць: быць прыкладам ва ўсім, выхаваць чалавека і прывіць яму любоў да працы. Педагагічных сакрэтаў, якіх у творчай скарбонцы сабралася многа, ён  ні ад каго не ўтойвае. Навучальны працэс Леанід Ксенафонтавіч будуе ў першую чаргу на здароўезберагальных тэхналогіях, уліку індывідуальных псіхалагічных асаблівасцей і  павазе да кожнага гімназіста. Да любога школьніка на ўроках і ў пазаўрочную дзейнасць неабходна адносіцца як да роўнага. Для яго любы вучань – асоба, самабытная, непаўторная, творчая і яркая. Толькі трэба падабраць ключык, каб адкрыць бязмерныя магчымасці і талент кожнага, які часта спіць, бо яго не заўважылі і не падтрымалі ў патрэбны момант. А яшчэ, перакананы Леанід Ксенафонтавіч, кожнага вучня трэба проста любіць.

                                                             Мікалай Навумчык.

На здымку: Леанід Лук’янчук, трэнер, з камандай “Фартуна”,  чэмпіёнам Брэстчыны 2014г. у гульні “Што? Дзе? Калі?”.

Фота аўтара.

Разделы сайта