Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

18.11.2014

Смак роднай мовы

У бібліятэках раёна праходзіць месячнік папулярызацыі нацыянальнай мастацкай літаратуры «Маіх радкоў няма без Беларусі». 

   У бібліятэках раёна праходзіць месячнік папулярызацыі нацыянальнай мастацкай літаратуры «Маіх радкоў няма без Беларусі». Яго мэта - абуджэннне цікавасці да чытання кніг беларускамоўных аўтараў, далучэнне дзяцей да свету сучаснай беларускай мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры. Бібліятэкары праводзяць кніжныя выставы, выставы народнай творчасці, краязнаўчыя віктарыны, арганізоўваюць гадзіны паэзіі, агляды літаратуры…

   -Духоўнае адраджэнне немагчыма ўявіць без ведання сваёй культуры, мовы і літаратуры – крыніц, якія фарміруюць нашу сучаснасць і будучыню нацыі, - кажа Галіна Кучына, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай ЦБС. - Мэтанакіраваная работа па папулярызацыі кнігі на беларускай мове здольна прышчапіць павагу да Радзімы,  таго месца, дзе нарадзіўся і вырас, павагу да гісторыі свайго народа. На жаль, дзеці ў пераважнай большасці цяпер чытаюць мала кніжак, практычна не чытаюць на роднай мове. Бібліятэкары актыўна працуюць у накірунку пашырэння друкаванага слова на беларускай мове. Мы жывём у эпоху глабалізацыі, калі кожны народ, кожная нацыя імкнецца захаваць сваю адметнасць, унікальнасць, а найперш - родную мову.  У бібліятэках-філіялах раёна назапашаны багаты вопыт правядзення  мерапрыемстваў «пазнання Бацькаўшчыны». Спрыяюць гэтаму і сустрэчы з мясцовымі пісьменнікамі.  

   Дзве з такіх нядаўна прайшлі ў чытальнай зале раённай бібліятэкі. На сустрэчу з Мікалаем Пацеюком з в.Ляхаўцы прыйшлі вучні і настаўнікі раённай гімназіі.

   Мікалай Іванавіч – вядомы на Маларытчыне паэт. Вершы друкаваць ён пачаў з 2004 года. У верасні 2013г. быў прыняты ў рады грамадскага аб'яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Мікалай Пацяюк з’яўляецца аўтарам 2 паэтычных зборнікаў: “Мелодыя сэрца” (2007г.), “З-пад буслінага крыла” (2011г.), а таксама кіраўніком літаратурнага аб'яднання «Над рэчанькай Рытай», якое існуе пры раённай газеце «Голас часу». З 2010г. яго творы з'яўляюцца на старонках літаратурнага альманаха “Жырандоля” Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Некаторыя вершы Мікалая Іванавіча перакладзены на ўкраінскую мову.

   Падчас сустрэчы Мікалай Пацяюк коратка расказаў пра сваё жыццё і шлях у «паэты», а таксама прачытаў вершы, даўно напісаныя і новыя, і запрасіў усіх тых, хто спрабуе свае сілы ў літаратурнай творчасці, прыходзіць на пасяджэнні літаратурнага аб'яднання.

Сакавітае і каларытнае, мілагучнае і звонкае беларускае слова, што злятала з вуснаў Мікалая Іванавіча, сапраўды зачаравала слухачоў. Яны адчулі гаючы смак роднай мовы і атрымалі асалоду ад яе гучання.

***

На адной сустрэчы разам з Мікалаем Пацеюком свае вершы чытала і Лідзія Гаўрылюк, яго былая вучаніца, цяпер маларытчанка, у якой частка вершаў таксама напісана на беларускай мове.

Беларускамоўная кніга чакае сустрэчы з усімі тымі, хто любіць мастацкае слова! Для гэтага дастаткова зазірнуць ў сваю бібліятэку-філіял і знайсці на паліцы кніжку на роднай мове.

                                                        Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымках: сустрэча з мясцовымі паэтамі ў раённай бібліятэцы прайшла цікава і запамінальна.

Фота аўтара. 

Разделы сайта