Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Ручнікі

У раздзеле “Ручнік” знаходзіцца 23 ручнікі, якія сабраны падчас экспедыцый па раёне.

Папулярнасць ручніка нязменная. Ён, як і раней, абавязкова прысутнічае ў найбольш важных этапах жыццёвага шляху чалавека. Ручнікі − абавязковы атрыбут шэрагу абрадаў.

Ручнік − маркіраваная арнаментам, колерам і іншымі сродкамі выразнасці тканіна, якая выконвае важныя рытуальна-сімвалічныя функцыі ў абрадах; кавалак палатна для ўтылітарнага выкарыстання. Па прызначэнні ручнікі бываюць: утылітарна-бытавыя; абрадавыя (радзінна-хрэсьбінныя, вясельныя, пахавальныя), рытуальныя (штодзённыя), аброчныя, святочна-дэкаратыўныя.

У залежнасці ад прызначэння і функцыі ручнікі маюць розныя назвы. Ручнікі на Маларытчыне называюцца “ўціральнік”, “уцірач”, “уцірка”, а таксама − “трапкач”, “скарач”, “брэндзал”, “патрэпнічак, “надзёжнік”; абрадавыя − “набожнік”, “ручнік”, “намітка”, “падарак”, “падножнік”. Злучанасць гэтай рэчы з абразамі, з чырвоным кутом адлюстравана ў лакальных назвах: “набразнік”, “абразны ручнік”, “накутнік”, “багавік”, “завеска”, “плат”, “платок”, “набожны платок”.

Ручнікі, прызначаныя для святочна-дэкаратыўнага ўпрыгожання інтэр’ера, называюць проста “ручнікамі”. Ручнікі маюць разнастайнае лакальнае шматаблічча, з’яўляюцца выразнымі этнакультурнымі паказчыкамі адметных рыс традыцыйнай культуры беларусаў. Традыцыйны тып ручніка бытаваў на пэўнай тэрыторыі і адрозніваўся ад ручнікоў іншых мясцовасцей. Асаблівасці лакальных тыпаў ці варыянтаў ручнікоў выяўляюцца ў разнастайнасці іх мастацка-тэхналагічнага вырашэння, характары выкарыстання ў абрадах і аздабленні імі покуці. У наш час лакальныя мастацкія традыцыі вырабу ручнікоў нівеліруюцца, уніфікуюцца, ці ўвогуле прыпыняецца іх мясцовае выкананне. Традыцыйныя тканыя або вышытыя ручнікі заступаюць месца ручнікам прамысловай вытворчасці, надрукаваным на палатне ці вышываным на машыне. Але і сёння ручнікі шмат ў якіх мясцовасцях захоўваюць свае мастацкія асаблівасці, працягваюць удзельнічаць у сямейных і каляндарных абрадах.

Разделы сайта