Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

27.03.2015

Пакінуць на Зямлі добры след

След на Зямлі… Як пакінуць яго, а не наслядзіць пасля сябе? Для чаго і каму патрэбен твой след? Што трэба зрабіць, каб ён назаўжды застаўся ў дзіцячым сэрцы, закрануў яго самыя тонкія і патаемныя струны душы? Наогул, ці можна гэтаму навучыцца?

   Адказы на гэтыя пытанні спрабавалі даць удзельнікі  вечара-сустрэчы ветэранаў-кіраўнікоў педагагічнай працы і педагогаў-кіраўнікоў, якія працуюць ва ўстановах адукацыі Маларыцкага раёна. У актавай зале СШ №2 сабраласясуквецце педагагічных талентаў, тыя, хто сваё жыццё прысвяціў настаўніцтву і адначасова адміністрацыйнай рабоце. Адны  гэтай нялёгкай справе аддалі толькі 5 гадоў жыцця, другія – 10, трэція - больш за 30. Але ўсіх іх, педагогаў, былых і цяперашніх, у тым ліку - заслужаных настаўнікаў і выдатнікаў адукацыі, аб’ядноўвае мудрасць, вопыт, прафесіянальнае майстэрства, адданасць сваёй справе.

   -Пад словамі “след на Зямлі” мы разумеем не адбітак босай нагі на мокрым пяску, - сказала Ала Шабогіна, вядучая, адкрываючы мерапрыемства. - На Зямлі многа жыло і жыве людзей, аднак у памяці народнай застаюцца не ўсе іх імёны і прозвішчы, а толькі тыя, хто самааддана займаўся стваральнай працай, добрасамленна будаваў, шчыраваў, вырошчваючы хлеб… На жаль, не ўсе і педагогі застаюцца ў памяці вучняў пасля заканчэння ўстановы адукацыі. Аднак гэта не тычыцца тых, хто сёння сабраўся тут.

   Настаўніцкая ніва Маларытчыны сапраўды ўмалотная, багатая на таленты. Гэты спіс складаецца не з аднаго дзясятка прозвішчаў, вядомых як у раёне, так і за яго межамі. У гэтым спісе годнае месца займаюць, напрыклад, імёны Вадзіма Паўлавіча Шпетнага, цяперашняга намесніка старшыні райвыканкама,пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства настаўнікаў краіны “Крыштальны журавель-2001”, выдатніка адукацыі (2006г.), а таксама - Людмілы Якаўлеўны Цёмкінай, Галіны Фёдараўны Старожык, Мікалая Сяргеевіча Анішчука, Ганны Максімаўны Шпетнай, Анатолія Ігнатавіча Дзямянкі, Наталлі Пятроўны Зезюковай, Марыі Міхайлаўны Афанасенкі, Тамары Маркаўны Шыян, Івана Васільевіча Наўрося, Васіля Піліпавіча Маркава, Анатоля Дзмітрыевіча Крысіна, Галіны Лаўрэнцьеўны Украінец, Соф’і Лаўрэнцьеўны Якубчык, Любові Васільеўны Куц, Людмілы Адамаўны Гумінскай і многіх іншых.

   -Кіраўнік – гэта прафесія, праца без адпачынку, адказнасць на кожным кроку, - кажа Галіна Украінец, выдатнік адукацыі, былы загадчык аддзела адукацыі Маларыцкага райвыканкама, а затым – сакратар райкама партыі па ідэалагічнай рабоце. – Не кожны згаджаецца на такую адказную пасаду. Калі я думаю пра настаўніцкі лёс, то ўспамінаю словы Сымона Салавейчыка, які сказаў, што педагог з’яўляецца артыстам, але слухачы і гледачы не апладзіруюць яму. Ён – скульптар, але яго працы ніхто не бачыць. Ён – урач, але яго пацыенты рэдка дзякуюць за лячэнне і незаўсёды маюць жаданне лячыцца… Дзе педагогу ўзяць сілы для штодзённага натхнення? Толькі ў самім сабе, толькі ва ўсведамленні  велічнасці  сваёй справы, яе адказнасці і значнасці.

   -Вучыць і выхоўваць – вось што для настаўніка галоўнае, – упэўнена Людміла Гумінская, выдатнік адукацыі, былы дырэктар школы і начальнік раённага аддзела адукацы. - Я пераканана: настаўніцкая праца бесперапынная. Яе можна  параўнаць з садоўнікам, якому спатрэбіўся час, каб пасадзіць і вырасціць сад, атрымаць у ім плады. А для гэтага трэба патраціць шмат і часу, і сіл.

  -Жыццё нам рыхтуе многа выпрабаванняў, - сказала Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама, падводзячы вынікі сустрэчы. – Аднак чалавеку, які стаміўся ад штодзённай мітусні, неабходна ў  час сказаць добрае слова, падтрымаць, падбадзёрыць. Тады адкрыецца другое дыханне і ўсё пойдз па ранейшай каляіне. Хочацца сказаць і яшчэ адну ісціну. Слядоў на Зямлі чалавек пакідае многа і розных. Якімі яны будуць, у першую чаргу залежыць ад самога чалавека. Нездарма  народная мудрасць вучыць, што прайсці сваё жыццё трэба так, каб нашчадкам хацелася паўтарыць нашы сляды, прайсці па іх, успамінаючы  таго, хто быў першапраходцам. Паўтаруся, кожны чалавек, які жыве на Зямлі, павінен пакінуць пасля сябе след для таго, каб чалавека помнілі яшчэ доўгі час добрым словам.

   Гэтага мерапрыемства не адбылося б, каб не намаганні Соф’і Якубчык, кіраўніка раённага савета ветэранаў педагагічнай працы, і Тамары Бурштын, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама.

                                                                     Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: вечар-сустрэча ветэранаў-кіраўнікоў педагагічнай працы і педагогаў-кіраўнікоў, якія працуюць ва ўстановах  адукацыі Маларыцкага раёна, прайшла цікава і запамінальна.

Фота аўтара.

Разделы сайта