Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

14.04.2015

Вiншуем, калега!

13 красавіка Яніна Юралайц, якая ў школах Маларытчыны шмат гадоў выкладала нямецкую мову, прымала віншаванні з нагоды свайго 85-гадовага юбілею. Павіншаваць яе з гэтай датай прыйшлі многія, у тым ліку – Юлія Крэнь, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама, Тамара Бурштын, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама калегі з СШ № 2 і раённай гімназіі, былыя вучні…

   Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Яніна Іосіфаўна жыла з бацькамі  непадалёку ад Вільнюса. Там жа закончыла 2 класы польскай школы і 3 класы савецкай. У 1944г. за сярэдняй адукацыяй падалася ў в.Юрацішкі, якая знаходзілася за 9 кіламетраў ад таго месца, дзе жыла іх сям’я. Пасля заканчэння Юрацішкаўскай сярэдняй школы падае дакументы ў Мінскі дзяржаўны педагагічных інстытут замежных моў. З дыпломам настаўніка нямецкай і англійскай моў на першае месца працы прыехала на Маларытчыну, трапіла ў Олтушскую школу.

   Сваім прафесійным абавязкам малады педагог аддавала шмат часу. Яніна Юралайц старанна рыхтавалася да кожнага ўрока. Аднак у яе быў жыццёвы прынцып: ва ўсім прытрымлівацца меры. Таму жанчына ўмела з ювелірнай дакладнасцю ў патрэбны момант прысвяціць сябе і любімаму мужу Мікалаю Пятровічу Наўросю, з якім шчасліва ўжо пражыла 58 гадоў, сваім дзецям, і неабходнаму, галоўнаму,  грамадскаму. У школу ўкладвала ўсю сябе без астатку. Жыла ёю, дыхала.  Школа была для настаўніцы другой сям’ёй, а кожны вучань – як сваё роднае дзіця. Яніна Іосіфаўна ведала штодзённыя клопаты, турботы кожнага з іх. Здавалася, што разам са сваімі вучнямі настаўніца марыла і спадзявалася, жартавала, радавалася поспехам і засмучалася ад няўдач.

   Праз 10 гадоў работы ў школе, у 1967 годзе, Яніна Юралайц  атрымала званне “Заслужаны настаўнік БССР”. А потым была абрала  дэлегатам  на Усесаюзны з’езд настаўнікаў, які праходзіў у Маскве 2-4 ліпеня 1968г. Акрамя таго, яна амаль 19 гадоў кіравала раённай секцыяй настаўнікаў замежнай мовы, шчодра дзялілася сваім багатым вопытам з калегамі, давала каштоўныя парады, рэкамендацыі. Яніна Іосіфаўна для педагогаў была аўтарытэтам, да слоў якой заўсёды прыслухоўваліся.

   -Я выдатна памятаю дзень, калі даведалася, што Яніне Юралайц прысвоілі званне заслужанага настаўніка, - кажа Галіна Пігулеўская. – Мы тады разам працавалі ў Маларыцкай школе-інтэрнаце. Аб гэтым раніцай паведамілі па рэспубліканскім радыё, а праз некалькі дзён інфармацыя з’явілася на старонках газет. З высокім званнем Яніну Юралайц тэлеграмай  павіншавалі і  з педінстытута, дзе яна набывала вышэйшую адукацыю. Што галоўнае ў характары маёй калегі? Душэўная прастата і цеплыня, ласка і павага да дзяцей, уменне падысці да кожнага з іх. Я заўжды думала аб тым, якім трэба быць чалавекам, каб насіць у сабе столькі душэўнай цеплыні, сардэчнай дабрыні, бязмежнай любові. Гэта, сапраўды, Настаўнік з вялікай літары.

   -Галоўнае ў педагагічнай дзейнасці – добразычлівасць, адкрытасць, шчырасць пачуццяў, справядлівасць да кожнага вучня, давер, - гаворыць Яніна Іосіфаўна. – Усё гэта мне заўсёды дапамагала па жыцці і ніколі не падводзіла.

                                                         Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: з 85-гадовым юбілеем віншаванні прымае Яніна Юралайц (другая злева), заслужаная настаўніца БССР.

Фота аўтара.

 

Разделы сайта