Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

25.09.2015

Мікола Купрэеў і Маларытчына

Пры краязнаўчым музеі “Спадчына” Маларыцкай раённай гімназіі ўжо некалькі гадоў існуе пошукавая група. Вучні 9-11 класаў, якія ўваходзяць у яе склад, займаюцца зборам, вывучэннем, аналізам і сістэматызацыяй мясцовага матэрыялу. Не так даўно юнакі і дзяўчаты зацікавіліся асобай Міколы Купрэева (25 мая 1937г. – 19 верасня 2004г.), вядомага пісьменніка Берасцейшчыны, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў (1994г.), лаўрэат прэміі Саюза пісьменнікаў імя Аркадзя Куляшова.

Здавалася б, якое дачыненне мае Мікола Сямёнавіч, які нарадзіўся ў вёсцы Ямнае, цяпер гэта Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці, да Маларытчыны.  Сотні кіламетраў паміж гэтымі геаграфічнымі часткамі Беларусі. Тым больш, што Маларытчына ў вершах і прозе Міколы Купрэева нідзе не ўзгадваецца.

- Ва ўсіх даступных крыніцах пра пісьменніка можна прачытаць, што ў 1943г. захопнікі арыштавалі яго бацьку і забілі маці, - расказвае Кацярына Бітуліна, вучаніца 10 класа.- У 1947г. Мікола Купрэеў з бацькам пераехаў на Брэстчыну, у вёску Пескі Бярозаўскага раёна, а ў 1953г. — у вёску Міхнавічы Івацэвіцкага раёна. Далей зжата пра будучага мастака слова паведамляецца, што ён скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу ў 1957г., а затым  факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута ў 1962г. Мікалай Сямёнавіч працаваў у Чудзінскай і Малькавіцкай сярэдніх школах Ганцавіцкага раёна, у школах Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты “Будаўнік камунізму”. Апошнія 15 гадоў жыў на Пружаншчыне: спачатку настаўнічаў ў вёсцы Папялёва, а  пайшоўшы на пенсію, жыў у  г.Пружаны… Заўважце: ні слова нідзе нават не ўпамінаецца пра Маларытчыну.

-У даведачнай літаратуры і ў інтэрнэце мы прачыталі, - гаворыць Кацярына Дацык, вучаніца 10 класа, - што Мікола Купрэеў пісаць пачаў яшчэ ў школьныя гады. Аднак друкавацца стаў падчас вучобы ў інстытуце (1957—1962). Яго першыя абразкі былі апублікаваныя ў 1958г. у “Советской Отчизне” (цяпер часопіс “Нёман”). Першая кніга паэзіі “Непазбежнасць” убачыла свет у 1967г.(творцу тады было 30 год), а ў  1995г. выйшаў другі зборнік паэзіі “Правінцыйныя фантазіі”.

-Дык чаму ўсё ж такі пошукавую групу зацікавіла асоба Міколы Купрэева?

-Таму, што Мікола Сямёнавіч сваім лёсам быў звязаны з Маларытчынай, хоць і не працяглы час, - кажа Кірыл Крэйдзіч, вучань 10 класа. – Пасля працы з рознымі архіўнымі дакументамі, пошукаў і апрацоўкі матэрыялу можна дапоўніць жыццёвы шлях пісьменніка наступнымі фактамі.

16 жніўня 1965г. Мікола Купрэеў быў залічаны ў штат Маларыцкай раённай газеты “Сельскае жыццё” Ён стаў працаваць загадчыкам аддзела пісем і масавай работы. Аднак 26 кастрычніка 1965г. звольніўся з гэтай пасады. За невялікі прамежак часу раённая газета надрукавала напісаныя Міколам Сямёнавічам наступныя вершы: “Элегія”, “Парусы”, “А мы ўсё пытаемся”, “Яблынькі”, “Па вуліцы плыў тапаліны пух”, “Трывожная, ваенная і ўсё ж – вясна” (другая назва верша “Вайна і вясна”), а таксама заамёўку “Схадзіце ў асенні лес”, фельетон “Свіная гісторыя”, артыкулы “У надзеі на лепшыя ўмовы” і “Калі педагог зліваецца з класам. Нататкі з урока”. Тры з гэтых вершаў (“Элегія”, “А мы ўсё пытаемся”, “Трывожная, ваенная і ўсё ж – вясна”) увайшлі ў першы зборнік паэта “Непазбежнасць”.

Амаль праз 2 гады лёс зноў закінуў Міколу Купрэева на Маларытчыну. 22 жніўня 1967г. ён прыняты настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Арэхаўскую СШ, а праз некалькі дзён (з 5 верасня) пераведзены на сталую працу ў Радзежскую СШ  настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Працаваў Мікола Сямёнавіч у гэтай навучальнай установе да 12 лістапада 1968г.

На старонках раённай газеты ў 1967г. было надрукавана толькі 3 вершы паэта: “Спатканні ў сярэдзіне ХХ стагоддзя”, і “На базары”, “Залатое руно” (пераклады са зборнікаў вершаў “Музыка высокага вецця” ўкраінскага паэта Віктара Лазарука), а ў 1968г. – толькі адзін артыкул, які называўся “Помнік у Радзежы” (5 сакавіка).

Пра Міколу Купрэева памятаюць былыя настаўнікі Ніна Касьянюк (Кумко) і Надзея Братчук (Кохан), якія разам працавалі ў Радзежскай школе.

-Мікола Сямёнавіч у 5 класе выкладаў рускую мову і літаратуру, а ў астатніх – беларускую мову і літаратуру, - кажа Надзея Ільінічна. – Акрамя таго, загадам дырэктарапа школе, ён быў замацаваны за Новым Сялом, дзе вёў улік дзяцей, якія падлягалі  навучанню ва ўстанове адукацыі. Аб тым, што пісаў вершы, нікому не гаварыў.

-Мікола Купрэеў са сваёй жонкай Святланай Ягораўнай жыў на кватэры ў Ніны Фадзееўны Холад, - гаворыць Ніна Уладзіміраўна. – Чалавекам ён быў не ганарлівым, добразычлівым і шчырым. Нічым асаблівым сярод настаўнікаў не вылучаўся, быў вельмі сціплым у побыце, негаваркім.

-У мяне Мікола Купрэеў некаторы час выкладаў родную мову і літаратуру, - успамінае Валерый Піпко. – Мне здаецца, што ён быў звычайным настаўнікам. Памятаю, што Мікола Сямёнавіч ніколі не павышаў голасу на вучняў. Урокі яго заўсёды праходзілі ціха, спакойна.

⃰  ⃰  ⃰

Гурткоўцы краязнаўчага музея “Спадчына” раённай гімназіі выказваюць падзяку за дапамогу Наталлі Самасюк, бібліятэкару Радзежскай бібліятэкі-філіяла, а таксама Лідзіі Дацык, настаўніцы Радзежскай СШ.

 

                                                             Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Кацярына Дацык, Кацярына Бітуліна, Кірыл Крэйдзіч і Вадзім Ляўчук, вучні 10 класа, вывучаюць матэрыял, звязаны з дзейнасцю Міколы Купрэева на Маларытчыне.

Фота аўтара.

Разделы сайта